Першая зборка беларусізацыі Герояў 2 (і не толькі)

Учора, 5 мая 2025, праект fheroes2 абнавіўся да версіі 1.1.8. З такой нагоды мы вырашылі прадставіць супольнасці нашу працоўную версію беларусізацыі Герояў 2 (HoMM2).

Чаму ўзяліся за гэта? Мы думалі, што зрабіць «даўнгрэд» перакладу з Герояў 3 будзе вельмі і вельмі проста. Думалі, што гэта зойме літаральна дзень-два. Якімі мы былі наіўнымі 😃! Але раз узяліся за справу, то трэба даводзіць яе да канца. Пагатоў праца над Героямі 2 дазваляла яшчэ раз пераправерыць пераклад Герояў 3 і (праз спадчыннасць і пераемнасць паміж гэтымі гульнямі) лепш разумець чаму нешта ў гульнях менавіта так, а не іначай.

Наша беларусізацыя Герояў 2 яшчэ не ўваходзіць у склад fheroes2, але ўсяму свой час. Зацікаўленыя ўжо могуць апрабаваць-патэставаць працоўную версію, а таксама падтрымаць нашу каманду на Patreon або Boosty.

Акрамя гэтага, мы

  • зрабілі беларусізацыі-«заглушкі» для In Wake of Gods (WoG)/ERA 3 – у якіх, як і ў выпадку з HoTA, усе арыгінальныя тэксты з Герояў 3 перакладзены намі, а ўсе новаўвядзенні (у тым ліку скрыпты), якія з’явіліся ў WoG/ERA 3, застаюцца без змяненняў;
  • дадалі магчымасць інтэграцыі беларусізацыі Герояў 3 непасрэдна ў гульню (без патрэбы выкарыстання HoMM3 HD Mod) – спецыяльна для алдскульных дзядоў 😉, якія хочуць пагуляць у любімую гульню на рэальным старэнькім Pentium 3 з лямпавым маніторам;
  • абнавілі беларусізацыі класічных Герояў 3 і HoTA.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *