Мы, перакладчыцкая суполка МТГ «RэЗэрвацыЯ», распачынаем амбіцыйны (а калі нашы праекты не былі амбіцыйнымі?) некамерцыйны праект «Беларускія Героі мяча і магіі», які ставіць сабе мэтай беларусізацыю гульняў серыі Heroes of Might & Magic.
Цяпер мы працуем над перакладам класічных Герояў мяча і магіі 3 (HoMM3), самай любімай усімі часткі ў серыі. У далейшых планах – узяцца за Герояў 2 (HoMM2) і Герояў 5 (HoMM5), а таксама будучых Герояў 8 (HoMM8), якія мусяць з’явіцца ў раннім доступе ў студзені 2025 года.
Таксама ў полі нашых інтарэсаў – найбольш папулярныя неафіцыйныя мадыфікацыі, а іменна Horn of the Abyss (HoTA) і In the Wake of Gods (WoG)/ERA III.
Запрашаем усіх аматараў Герояў апрабаваць бягучыя вынікі нашай працы і выказаць свае заўвагі і прапановы, звязаўшыся з намі праз Telegram або электронную пошту. Мы будзем радыя любой канструктыўнай крытыцы.

Дарэчы, калі вы любіце не толькі гуляць у Герояў самі, але і глядзець, як у іх гуляюць іншыя, рэкамендуем канал стрымера Vasq66, які вядзе свае трансляцыі аб прыгодах у свеце мяча і магіі выключна на беларускай мове.

Каб паскорыць нашу працу, можаце падтрымаць праект фінансава:
з Беларусі і РФ – праз Boosty, з іншых рэгіёнаў (напрыклад, ЕС і ЗША) – праз Patreon
Калі лічыце, што фінансавая дапамога з вашага боку можа нейкім чынам нашкодзіць вам або нам, рэкамендуем устрымацца ад яе. Аднак са свайго боку запэўніваем: гэты праект не звязаны з якой-небудзь палітычнай або забароненай дзейнасцю і мае выключна адукацыйныя і забаўляльныя мэты.