Прэзентуем увазе супольнасці першую публічную версію нашай беларусізацыі Герояў мяча і магіі 3 (HoMM3) і Horn of the Abyss (HoTA).
На цяперашні момант у класічных Героях 3 перакладзена амаль усё неабходнае для гульні (меню, дыялогі, назвы і апісанні істот, будынкаў, артэфактаў, чараў, уменняў і г. д.), таксама лакалізавана частка графічных элементаў інтэрфейсу. Неперакладзенымі застаюцца ўласныя назвы (імёны герояў і назвы гарадоў), жыццяпісы герояў, апісанні абставін знаходжання артэфактаў, а таксама сюжэтныя кампаніі і сцэнарыі, над перакладам якіх рупліва працуе наш калега па цэху łokar і якія неўзабаве будуць гатовыя.
Беларусізацыя HoTA пакуль становіць сабой «заглушку», у якой усе арыгінальныя тэксты з класічных Герояў 3 перакладзены намі, а ўсе новаўвядзенні, якія з’явіліся непасрэдна ў HoTA, застаюцца на мове арыгіналу (неперакладзенымі).
Пра некаторыя хібы (напрыклад, дзе-нідзе перакладзены тэкст не ўлазіць у адведзеную яму вобласць) мы, вядома, ужо ведаем і працуем над іх устараненнем, аднак усё адно чакаем ад вас водгукаў і справаздач.
Рэспект, хлопцы!