Справаздача за снежань 2024/студзень 2025

Мы вельмі замарочыліся над такой (як некаму можа здацца, малазначнай) часткай гульні як уласныя назвы. Паколькі сваёй беларусізацыяй Герояў МТГ «RэЗэрвацыЯ» замахнулася закласці нейкі падмурак (а мо нават нават і нейкую традыцыю 🙂 ) беларускіх перакладаў свету Might & Magic, да адаптацыі ўласных назваў мы падышлі з тымі самымі сур’ёзнасцю і занудлівасцю, як раней да пытання найменняў істот. На наша шчасце, знайшлося інтэрвію з Грэгары Фултанам (Gregory Fulton), распрацоўшчыкам Герояў 3, якое праліла святло на шмат якія цьмянасці і дадало разумення што да чога. Праца над назвамі яшчэ незавершана, аднак большая частка работы ўжо зроблена.

Сваёй беларусізацыі кампаній мы яшчэ не зрабілі (і пакуль за яе нават не браліся 😀 ), а таму прапануем усім ахвочым ацаніць работу суполкі łokar, нашых калег па перакладчыцкім цэху, якія на падставе нашых напрацовак па назвах дарабілі свой пераклад сюжэтных кампаній «Адраджэнне Эрафіі» і «Клінок Армагедону». Усе заўвагі і прапановы, як заўсёды, на пошту або ў Telegram.

Што да самой беларусізацыі Герояў мяча і магіі 3 (Heroes of Might and Magic III), яна дапоўнена і абноўлена ‒ абеларушчыны ўсе элементы графічнага інтэрфейсу, заменены шрыфты, перакладзены жыццяпісы герояў і папраўлена нямала дробязей у самім перакладзе. Беларусізацыя HoTA таксама абноўлена ‒ цяпер яна ўніверсальная, без прывязкі да канкрэтнай версіі гульні.

У наступным месяцы мы плануем поўнасцю дарабіць беларусізацыю класічных Герояў 3, а łokar ‒ прадставіць свой пераклад сюжэтных кампаній дапаўнення «Подых Смерці».

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *