У некаторай ступені беларусізацыя Герояў з‘яўляецца дадатковымі вынікамі іншага праекта, праца над якім пакрысе ішла шмат гадоў – зборніка з рабочай назвай «Дапаможнік для перакладчыкаў фэнтэзі», які будзе ўключаць у сябе карысныя парады і даволі аб‘ёмны англійска-беларускі слоўнік пэўнай тэматыкі.
Фактычна беларусізацыя гульняў у рамках праекта «Беларускія Героі мяча і магіі» робіцца, каб яшчэ раз на практыцы апрабаваць праект тэрміналагічнай сістэмы, якая будзе ўніверсальнай і якую можна будзе прымяняць ў дачыненні да любых беларускамоўных тэкстаў фэнтэзі-тэматыкі, настольных і камп‘ютарных гульняў (напрыклад, Warcraft і Elder Scrolls) і ролевых сістэм (Dungeons & Dragons, вітанкі!). Раней нашы напрацоўкі былі апрабаваны (і, як мы лічым, даволі ўдала) у афіцыйнай беларускай лакалізацыі Legends of Eisenwald.
Мы сабралі і апрацавалі багата матэрыялу і нарэшце публікуем рабочую версію «Дапаможніка для перакладчыкаў фэнтэзі», якая будзе пастаянна дапаўняцца і ўдакладняцца. Спадзяёмся, наша праца дасць супольнасці упарадкаваную, адзіную і аднастайную тэрміналогію, якая, як нам хочацца верыць, у будучыні стане агульнапрынятай сярод беларускіх аматараў фэнтэзі і відэагульняў.

